У Лёзненскiм раёне ўшанавалi памяць паўстанцаў Кастуся Каліноўскага

| |

На месцы загубы атраду касінераў з’явіўся новы помнік.

У вёсцы Пагосцішча Лёзненскага раёна адбылося традыцыйнае штогадовае ўшанаванне памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Менавіта тут, на Лёзненшчыне, адбыўся апошні бой атрада пад кіраўніцтвам Ігната Будзіловіча: паўстанцы трапілі ў аблогу, а іхнага камандзіра ўзялі ў палон і расстралялі ў аршанскім астрогу 28 жніўня 1863 году, паведамляе «Радыё Рацыя».

У памяць пра ўдзельнікаў паўстання яшчэ ў 2006 годзе тут з’явіўся помнік – бетонны крыж на невялічкім курганчыку. Яго паставілі настаўніца гісторыі Алена Грачышнікава разам са сваімі вучнямі. А яшчэ праз пару гадоў давялося ратаваць помнік ад знішчэння, прыгадвае Алена Іванаўна:

– Калі мяняліся адносіны да Каліноўскага, тады сказалі нам разбіраць помнік. А я сказала, што нічога разбіраць не буду – не для таго мы гэтыя камяні збіралі, не для таго тут дзіцячымі ручкамі ўсё зроблена! І што са сваімі вучнямі я зрабіла добрую справу.

Але за мінулыя гады ў помніку ўтварыліся шчыліны, хоць яго і шмат разоў рамантавалі. Таму было вырашана побач усталяваць новы помнік, распавядае Юрый Нагорны, старшыня Аршанскай рады Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны:

– Гэта крыж і гэта валун – камень з гэтых мясцін, лёзненскіх. Ну, і мы тут ужо дапамаглі: шыльду замовілі ў Воршы. І стары помнік стаіць – мы вырашылі, што не будзем загадзя адпраўляць яго ў небыццё. І таму цяпер тут два помнікі побач, як пераемнасць нейкая.

На абодвух помніках – амаль аднолькавыя шыльды. На навейшай дадаліся хіба толькі гады жыцця Ігната Будзіловіча ды надпіс «За незалежную Беларусь», бо менавіта за волю і незалежнасць аддаў сваё жыццё 22-гадовы камандзір атрада касінераў.

Источник

Предыдущая новость

Продавщица в звании майора

Учения со странным названием

Следующая новость